Навiны вольнага ПЗ

Мінулы тыдзень запомніўся памятнай датай 25 жніўня - днём, калі 20 гадоў таму назад Торвальдс абвясціў аб стварэнні Linux. Таксама на мінулым тыдні можна адзначыць з'яўленне "цацачнага" варыянту PaaS-сэрвісу VMware Cloud Foundry, абнаўленне сеткавага мэнэджэра Network Manager, завяршэнне працы над адзінааконным інтэрфейсам у GIMP і абнаўленне набіраючага папулярнасць каталагізавальніка фатаграфій Shotwell.


"Працяг банкету"

Як мы ўжо ўсе даўно ведаем, цяперашні год з'яўляецца юбілейным для праекта Linux, які 20 гадоў таму назад задумаў Лінус Бенедыкт Торвальдс, тады яшчэ фінскі студэнт. На мінулым тыдні здарылася знакавая дата - 25 жніўня. Менавіта ў гэты дзень у 1991 годзе 21-гадовы Торвальдс абвясціў у тэлеканферэнцыі comp.os.minix аб стварэнні аперацыйнай сістэмы альтэрнатыўнай АС Minix.

У гэтай аб'яве Лінус паведаміў, што не збіраецца рабіць нешта "вялікае і прафесійнае", і яго сістэма - гэта проста бясплатны варыянт Minix для IBM-сумяшчальных кампутараў 386 (486) AT. Але гісторыя распарадзілася па-свойму. І цяпер ядро Linux даўно стала прамысловым стандартам, у першую чаргу, ў вялікіх і прафесійных кампутарных інфраструктурах.

 

Святочныя мерапрыемствы з нагоды юбілею, як мы не раз паведамлялі, пачаліся задоўга да гэтай памятнай даты - яшчэ з вясны. Але гэта не апошні ў 2011 годзе гістарычны дзень, што звязаны з 20-годдзем Linux. Наперадзе нас чакае 17 верасня, калі быў апублікаваны першы выпуск ядра з версіяй 0.01. Так што святы яшчэ не скончаны.


"Хмарка" Micro Cloud Foundry

З нагоды "хмарных" тэхналогій ў кампутарнай прэсе, блогах зараз пішацца ўсё больш і больш матэрыялаў. Але, як гаворыцца, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Многім хацелася б больш блізкага практычнага знаёмства з гэтымі тэхналогіямі. Аднак не ва ўсіх ёсць ўласная "хмарная" інфраструктура, каб, напрыклад, вывучыць асаблівасці працы PaaS або IaaS.

Таму, ідучы насустрач такім пажаданням, кампанія VMware прадставіла пакет Micro Cloud Foundry, які з'яўляецца як бы "цацачным" варыянтам PaaS-інфраструктуры Cloud Foundry. Гэты пакет дазваляе пазнаёміцца з магчымасцямі "хмарнай" платформы Cloud Foundry, усталяваўшы яе на лакальны кампутар. Для ўсталёўкі патрабуецца толькі VMware Player і вобраз спецыяльна сфармаванай віртуальнай машыны, створанай на базе Ubuntu Linux.

Cloud Foundry - гэта адкрытая інфраструктура ўзроўню "платформа як сэрвіс". Яна дазваляе запускаць у сваім асяроддзі маштабуемыя "хмарныя" прыкладанні, зробленыя на Java, Grails, Ruby, JavaScript, Scala і іншых мовах, якія працуюць над JVM.

У цэлым, PaaS-сэрвісы даюць магчымасці запускаць ў "аблоках" прыкладанні, пазбаўляючы распрацоўшчыкаў ад неабходнасці разбірацца з сістэмнымі асаблівасцямі пэўнага "хмарнага" сэрвісу. Прыкладам PaaS-сэрвісу можна назваць Google App Engine. Але, у адрозненне ад App Engine, праект Cloud Foundry дазваляе разгарнуць і прыватную "хмарную" інфраструктуру, а цяпер таксама, як у выпадку з Micro Cloud Foundry, пагуляць з PaaS нават на лакальнай машыне.


Network Manager 0.9

Абнавілася да версіі 0.9 прыкладанне Network Manager, якое прадстаўляе сабой службу для аўтаматызацыі наладкі і кіравання сеткавымі інтэрфэйсамі ў сістэмах GNU/Linux. Network Manager таксама мае графічны інтэрфэйс ў выглядзе аплета працоўнага стала, што разам з аўтаматызацыяй наладкі робіць гэта прыкладанне лёгкім ў выкарыстанні неспрактыкаваным карыстальнікам. Нядзіўна, што ў сілу дружалюбнасці гэтае прыкладанне з'яўляецца асноўным у Ubuntu для налады сетак. І гэтак жа нядзіўна, што Network Manager з'яўляецца адным з самых любімых аб'ектаў крытыкі і насмешак сярод хардкорных лінуксоідаў, якія ўмеюць наладжваць сетку класічным спосабам - праз рэдагаванне розных канфігурацыйных файлаў.

Аднак усё-ткі аўтаматычная налада звычайнай сеткі, ADSL-злучэнняў, маршрутызатараў, 3G-мадэмаў з дапамогай Network Manager даўно ўжо адбываецца без асаблівых праблем. І гэта цяпер асабліва шануецца карыстальнікамі наўтбукаў, калі прыходзіцца перамяшчацца з месца на месца, падлучаючыся да розных правадных і бесправадных сетках.

Найбольш істотнае і лёсавызначальнае змяненне ў новай версіі - гэта спрашчэнне праграмнага інтэрфейсу D-Bus API, што ў сваю чаргу можа прывесці да некаторых праблем з іншымі прыкладаннямі, якія выкарыстоўваюць гэты API, асабліва ў дыстрыбутывах з бесперапынным абнаўленнем пакетаў. Гэта змяненне даволі сур'ёзнае, і магчыма, што звязаныя з гэтым праблемы дададуць чарговую порцыю крытыкі і насмешак ў дачыненні да Network Manager.


Gimp 2.7.3

Адбылося тое, аб чым марылі многія карыстальнікі вольнага графічнага рэдактара GIMP. Апцыянальны адзінааконны рэжым а-ля Photoshop лічыцца практычна дапрацаваным і гатовым да знаёмства для ўсіх жадаючых. Для гэтага выпушчана нестабільная версія Gimp 2.7.3, у якой можна ўжо цалкам пратэставаць дадзены рэжым.

Так як нядаўна праект перайшоў на паскораны цыкл распрацоўкі, то стабільную галінку 2.8 з гэтым адзінааконным рэжымам абяцаюць выпусціць ужо ў лістападзе гэтага года. Хутчэй за ўсё, у Ubuntu 11.10 гэты стабільны выпуск не патрапіць, затое ў рэпазітарах PPA самая апошняя версія GIMP ёсць.

Што ж тычыцца далейшых фундаментальных зменаў у гэтым магутным рэдактары графікі, то пасля версіі 2.8 у GIMP будуць рэалізаваны некалькі вельмі важных тэхналогій.

Па-першае, адбудзецца поўны пераход на графічнае ядро GEGL. Новае графичнае ядро дазваляе рэалізаваць шмат новых і магутных функцый. Добрым прыкладам магчымасцяў GEGL з'яўляецца новы інструмент трансфармацыі па рамцы, падобны на інструмент Puppet Warp Photoshop CS5, які дазваляе выбарачна трансфармаваць часткі аб'екта.

Па-другое, вядуцца работы па інтэграцыі выкарыстання сродкаў GPU для акселерацыі вываду і апрацоўкі малюнкаў. Само сабой, гэта павялічыць прадукцыйнасць працы рэдактара.

І, у трэціх, адбываецца партаванне рэдактара на выкарыстанне новай бібліятэкі GTK+ 3. Як і ў выпадку з выкарыстаннем сродкаў GPU, бібліятэка GTK+ 3 таксама дасць магчымасць павысіць прадукцыйнасць рэдактара, асабліва пры працы з выявамі вялікіх памераў.


Shotwell 0.11

Для тых, каму моц GIMP з'яўляецца залішняй, а патрэбен ўсяго толькі просты каталагізавальнік фатаграфій, таксама ёсць навіны. Адбыўся выпуск новай версіі вольнага каталагізавальніка фатаграфій Shotwell 0.11.

Shotwell Photo Manager прызначаны для карыстальнікаў, што сябруюць з фотаапаратам. Прыкладанне ўяўляе сабой лёгкі і хуткі прагляднік і каталагізавальнік малюнкаў з мінімальнымі функцыямі рэдагавання. Тут таксама прысутнічае магчымасць адпраўляць выявы ў Facebook, Flickr і Picasa Web Albms. У "КВ" ужо быў асобны артыкул пра магчымасці гэтага каталагізавальніка.

Варта адзначыць, што Shotwell сапраўды набірае папулярнасць. Напрыклад, ён выцесніў з Ubuntu каталагізавальнік F-Spot.

У новай версіі Shotwell можна адзначыць з'яўленне укладзеных пазнак. Таксама зараз у прыкладанні звязка фарматаў RAW + JPEG будзе апрацоўвацца як адзіная фатаграфія.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также